Holy Bible project logo icon
FREE OFF-line Bible for Android Get Bible on Google Play QR Code Android Bible
Holy Bible
for Android

is a powerful Bible Reader which has possibility to download different versions of Bible to your Android device.

Bible Verses
for Android

Bible verses includes the best bible quotes in more than 35 languages

Pear Bible KJV
for Android

is an amazing mobile version of King James Bible that will help you to read this excellent book in any place you want.

Pear Bible BBE
for Android

is an amazing mobile version of Bible in Basic English that will help you to read this excellent book in any place you want.

Pear Bible ASV
for Android

is an amazing mobile version of American Standard Version Bible that will help you to read this excellent book in any place you want.

BIBLE VERSIONS / Біблія / Стары Запавет / Быцьцё

Біблія - пераклад Сёмухи

Быцьцё Выхад

Кіраўнік 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50

1 Быў голад на зямлі, звыш ранейшага голаду, які быў у дні Абрагамавыя; і пайшоў Ісаак да Авімэлэха, цара Філістымскага, у Герар.

2 Гасподзь явіўся яму і сказаў: ня йдзі ў Егіпет; жыві ў зямлі, пра якую Я скажу табе;

3 вандруй па зямлі гэтай; і Я буду з табою і дабраслаўлю цябе, бо табе і нашчадкам тваім усе землі гэтыя, і спраўджу прысягу, якою Я прысягаўся Абрагаму, бацьку твайму;

4 памножу нашчадкаў тваіх, як зоркі нябесныя, і дам нашчадкам тваім усе землі гэтыя; дабраславяцца ў семені тваім усе народы зямныя,

5 за тое, што Абрагам паслухаўся голасу Майго і выконваў, што Мною наказана было выконваць: загады Мае, пастановы Мае і законы Мае.

6 Ісаак пасяліўся ў Герары.

7 Жыхары месца таго спыталіся пра жонку ягоную, і ён сказаў: ўгэта сястра мая", бо баяўся сказаць: "жонка мая", каб не забілі мяне, думаў ён, жыхары месца гэтага за Рэбэку, бо яна прыгожая з выгляду.

8 Але калі ўжо шмат часу ён там пражыў, Авімэлэх, цар Філістымскі, паглядзеў у акно, убачыў, што Ісаак гуляе з Рэбэкаю, жонкаю сваёю.

9 І паклікаў Авімэлэх Ісаака і сказаў: вось, гэта жонка твая: як жа ты сказаў: яна сястра мая? Ісаак сказаў яму: бо я думаў, каб жа не памерці мне дзеля яе.

10 Але Авімэлэх сказаў: што гэта ты зрабіў з намі? адзін з народу ледзь не злучыўся з жонкаю тваёю, і ты ўвёў бы нас у грэх.

11 І даў Авімэлэх загад усяму народу, сказаўшы: хто кране гэтага чалавека і жонку ягоную, той аддадзены будзе сьмерці.

12 І сеў Ісаак у зямлі той і меў у той год ячменю стакроць: так дабраславіў яго Гасподзь.

13 І стаўся вялікім чалавек гэты і ўзьвялічваўся болей і болей да таго, што зрабіўся вельмі вялікі.

14 У яго былі статкі дробнага і статкі буйнога быдла і мноства ральлі, і Філістымляне пачалі зайздросьціць яму.

15 І ўсе калодзежы, якія выкапалі рабы бацькі ягонага пры жыцьці бацькі ягонага Абрагама, Філістымляне завалілі і засыпалі зямлёю.

16 І Авімэлэх сказаў Ісааку: адыдзі ад нас, бо ты зрабіўся намнога мацнейшы за нас.

17 І Ісаак сышоў адтуль, і разьмясьціўся з намётамі ў даліне Герарскай, і пасяліўся там.

18 І зноў выкапаў Ісаак калодзежы вады, якія выкапаны былі ў дні Абрагама, бацькі ягонага, і якія завалілі Філістымляне пасьля сьмерці Абрагама: і назваў іх тымі самымі назовамі, якімі назваў іх бацька ягоны.

19 І капалі рабы Ісаакавыя ў даліне і знайшлі там калодзеж вады жывой.

20 І спрачаліся пастухі Герарскія з пастухамі Ісаакавымі, кажучы: наша вада. І ён даў калодзежу імя: Эсэк, бо спрачаліся зь ім.

21 Выкапалі другі калодзеж; спрачаліся таксама і за яго; і ён даў яму імя: Сітна.

22 І ён рушыў адсюль і выкапаў іншы калодзеж, за Які ўжо не спрачаліся; і даў яму імя: Рэхавот; бо, сказаў ён, цяпер Гасподзь даў нам прасторнае месца, і мы памножымся на зямлі.

23 Адтуль перайшоў ён у Вірсавію.

24 І ў тую ноч зьявіўся яму Гасподзь і сказаў: Я Бог Абрагама, бацькі твайго: ня бойся, бо Я з табою, і дабраслаўлю цябе і памножу нашчадкаў тваіх, дзеля Абрагама, раба майго.

25 І ён спарудзіў там ахвярнік і заклікаў імя Госпада. І паставіў там намёт свой, і выкапалі там рабы Ісаакавыя калодзеж.

26 Прыйшоўда яго з Герара Авімэлэх, і Ахузат, сябар ягоны, і Фіхол, ваеначальнік ягоны.

27 Ісаак сказаў ім: навошта вы прыйшлі да мяне, калі вы зьненавідзелі мяне і выслалі мяне ад сябе?

28 Яны сказалі: мы ясна пабачылі, што Гасподзь быў з табою, і таму мы сказалі: пастановім паміж намі і табою прысягу і заключым з табою спрымірэнства,

29 каб ты не рабіў нам ліха, як і мы не кранулі цябе, а рабілі табе толькі добрае і адпусьцілі цябе зь мірам; цяпер ты дабраславёны Госпадам.

30 Ён зладзіў ім гасьціну, і яны елі і пілі.

31 І ўстаўшы з самае раніцы, прысягнулі адзін аднаму; і адпусьціў іх Ісаак, і яны пайшлі ад яго зь мірам.

32 У той самы дзень прыйшлі рабы Ісаакавыя і паведамілі яму пра калодзеж, які капалі яны, і сказалі яму: мы знайшлі ваду.

33 І ён назваў яго: Шыва. Таму імя гораду таму Бэер-Шыва да гэтага дня.

34 І было Ісаву сорак гадоў, і ўзяў сабе за жонку Егудыту, дачку Бээра Хэтэяніна, і Васэмату, дачку Элона Хэтэяніна.

35 І яны былі завадаю Ісааку і Рэбэцы.

<< ← Prev Top Next → >>